Минск   +7 °C
Пятница  12.04
   3.27
   3.51

Жадаеш ездзіць у Еўропу па спрошчанай візавай сістэме? Стаў спецыяльную выяву на аватар!

20 мая, 2015

Валентина Калинина

Як вядома, калі чагосці вельмі пажадаць, то жаданае абавязкова стане рэальнасцю. Як на конт таго, каб сумеснымі намаганнямі паспрыяць спрашчэнню візавага рэжыму? Напярэдадні саміту Усходняга партнёрства ў Рызе кампанія «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» Novisa.by запускае акцыю ў сацыяльных сетках: «Хочаш, каб на саміце Ўсходняга партнёрства ў Рызе Беларусь і ЕС падпісалі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму? Стаў спецыяльную выяву на аватар!».

У сваім нядаўнім інтэрв’ю гатоўнасць Беларусі да падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму адзначыў Дзяніс Мельянцоў, старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў BISS: «Па маіх крыніцах у асяроддзі еўрапейскіх дыпламатаў, перамовы па дамове аб візавай фасілітацыі і рэадмісіі ўжо знаходзяцца у завяршальнай стадыі. Бакі здолелі ўзгадніць самыя праблемныя пытанні, якія тычацца паездак па дыпламатычных пашпартах без віз. Засталіся толькі тэхнічныя пытанні, на фіналізацыю якіх неабходна некалькі тыдняў. Гэта сведчыць аб тым, што тэкст практычна гатовы, застаецца пытанне, ці будзе ён парафіраваны падчас Рыжскага саміту».

Раней гатоўнасць Беларусі і ЕС падпісаць Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму падкрэслівалі і афіцыйныя прадстаўнікі абодвух бакоў. Напрыклад, пастаянны прадстаўнік пры ЕС і НАТА Андрэй Еўдачэнка ў сваіх заявах адзначаў, што няма ніякіх сур’ёзных прычын, якія могуць перашкодзіць падпісанню пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС у траўні 2015 на саміце ў Рызе.

Усё гэта сведчыць аб тым, што ёсць усе перадумовы да таго, каб Рыжскі саміт прынёс добрыя навіны. У сувязі з чым кампанія «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» Novisa.by аб’яўляе акцыю: выказаць сваю падтрымку падпісанню пагаднення можна шляхам змены аватара ў сацыяльных сетках на спецыяльны малюнак з суправаджальным тэкстам:

«21-22 траўня ў Рызе адбудзецца саміт краін Усходняга Партнёрства, прымаць удзел у якім будзе і Беларусь. Ёсць усе перадумовы, как ужо на саміце было падпісана Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС, якое прадугледжвае зніжэнне кошту Шэнгенскай візы да 35 еўра, пашырэнне катэгорый людзей, для якіх візы будуць бясплатнымі, і іншыя паляпшэнні. Беларусы даўно заслужылі вандраваць па Еўропе танней і прасцей! Таму я далучаюся да акцыі ў падтрымку таго, каб беларускі і еўрапейскі бок падпісалі Пагадненне як мага хутчэй! Стаў таксама спецыяльную выяву на аватар і далучайся да акцыі!»

Запуск акцыі пракаментаваў каардынатар кампаніі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» Novisa.by Алесь Быстрык: «Вельмі важна гэтай акцыяй паказаць, наколькі шмат простых беларусаў падтрымлівае спрашчэнне візавага рэжыму. Беларусы – адны з самых законапаслухмяных падарожнікаў у Еўропе, і яны даўно заслужылі плаціць за візы менш. Да таго ж, візы ўжо даўно ўсім абрыдлі, а падпісанне дамовы ў Рызе – гэта першы крок да адмены візавага рэжыму ўвогуле».

Тыя ж, хто не карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, па-ранейшаму могуць падтрымаць бязьвізавы рух шляхам фотаакцыі, якую кампанія «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» Novisa.by запусціла ў 2011 г. з мэтай сабраць як мага больш фотаздымкаў людзей, якія гатовыя актыўна праявіць сваю пазіцыю датычна існуючага візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю. Таксама зробленыя фота дапамагаюць пазнаёміць свет з праблемай візавых бар’ераў праз выставачныя залы, цэнтры сучаснага мастацтва, Інтэрнэт і іншыя пляцоўкі.

На сённяшні дзень фотаакцыю падтрымалі некалькі тысяч чалавек. Сваю актыўную пазіцыю праз фотаакцыю выказалі многія вядомыя асобы, напрыклад, музыканты, як беларускіх, так і замежных гуртоў (The Hoo, 44 LENINGRAD, Alice Roger,Blended, Akute, HandMadE, Leibonik і шмат іншых).

Нагадваем, што на сённяшні дзень Беларусь — адзіная краіна Усходняга партнёрства, якая не падпісала Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму. Падпісанне гэтага пагаднення дазволіць беларусам:

— праходзіць палегчаную працэдуру атрымання віз;

— плаціць консульскі збор у памеры 35 еўра замест 60 еўра;

— прэтэндаваць на бясплатныя візы ў большым ліку выпадкаў;

— атрымліваць больш шматразовых віз.

Кампанія «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!» — грамадскі рух, створаны ў 2011 г. з мэтай прасоўвання ідэі адмены візаў паміж Беларуссю і іншымі еўрапейскімі краінамі. Валанцёры кампаніі пастаянна падтрымліваюць візавыя пытанні на парадку дня ў СМІ, рознымі спосабамі стымулююць беларускі бок для больш актыўнага падпісання дакументаў для адмены візавага рэжыму, развіваюць валанцёрскі рух, праводзяць мерапрыемствы па асвеце насельніцтва ў візавых пытаннях і пытаннях самастойнай арганізацыі падарожжаў. Ўсю важную інфармацыю аб візах, самастойных падарожжах, а таксама аб сваёй дзейнасці кампанія публікуе на сваім сайце Novisa.by.

Больш падрабязнасцяў пра кампанію і яе дзейнасці можна даведацца на Novisa.by.

Сацыяльныя сеткі кампаніі «У Беларусь і Еўропу — БЕЗ ВІЗЫ!»: ВК, Facebook, Twitter.

Adblock
detector